Дэлегацыі Узбекістана, Таджыкістана і Туркменістана аднымі з апошніх сёння адправіліся на радзіму пасля заканчэння спаборніцтваў у рамках ІІ Гульняў краін СНД. Спартсмены і трэнеры падзякавалі беларусам за гасціннасць, а таксама адзначылі чысціню і парадак на вуліцах, прыемны клімат і прыгажосць прыроды. Акрамя таго, паспелі рабяты пазнаёміцца і завесці сяброў сярод беларусаў - насуперак усім моўным бар'ерам. Таму развітанне на пляцоўцы каля гатэля «Магілёў» атрымалася жывым і эмацыйным.
«Мы прыйшлі на спаборніцтвы проста паназіраць за барацьбой спартсменаў, а знайшлі новых сяброў, – падзялілася кампанія рабят з Магілёва. - У фан-зоне падчас дыскатэкі пазнаёміліся і пасябравалі. Размаўлялі праз тых, хто крыху ведае рускую мову, вучылі іх нашым словам, а яны нас - сваім. Так нават весялей. Спявалі песні, шмат размаўлялі – атрымалася душэўна і па-хатняму. Таму сёння праводзім іх з сумам, але мы абмяняліся кантактамі і працягнем зносіны ў сацсетках».
Падзяліліся сваімі эмоцыямі ад прабывання і замежныя ўдзельнікі.
«Беларусь так спадабалася, што хочацца застацца яшчэ хаця б на тыдзень, – кажуць спартсмены з Таджыкістана Хачыкурбон Махмадаў і Сіевуш Машрбабаў. - Спаборніцтвы прайшлі выдатна, балельшчыкі ў вас супер - атмасфера на трыбунах невымоўная. Паспелі крыху паглядзець горад. Вельмі прыгожа, чыста, паветра свежае. Моцна спадабалася і беларуская кухня. Абавязкова вернемся сюды яшчэ».
Зборная Узбекістана з'яжджае на радзіму з важкай калекцыяй узнагарод - у агульным медальным заліку II Гульняў краін СНД у іх трэцяе месца.
«Вынік нашых спартсменаў лічу добрым. Вядома, ён мог быць яшчэ лепшым. Прыемна, што нас падтрымлівалі трыбуны і балелі за нашу каманду. Сяброўскія адносіны - гэта важна незалежна ад вынікаў спаборніцтваў, - падзяліўся меркаваннем галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Узбекістана па караце Бурхон Рахмонаў. - У нас добрыя адносіны з беларусамі, расіянамі і з усімі астатнімі краінамі. Палітыка нашай краіны міралюбівая і прыязная.
Падобныя спаборніцтвы і сяброўскія адносіны - гэта заслуга нашых прэзідэнтаў. Калі кіраўнікі наладжваюць такое ўзаемадзеянне - гэта вельмі добра. І ўсё роўна, гэта былыя савецкія краіны ці нейкія іншыя. Аб'яднаць можна любыя краіны. На спаборніцтвы ў Магілёў прыбылі спартсмены з Пакістана і Кувейта, шкада, што не ўдалося прыехаць камандзе Ірана. Яны хочуць сустракацца, спаборнічаць - і гэта прыемна. Гэта добрая канкурэнцыя.
Удзячныя за высокі ўзровень арганізацыі, цёплы прыём, паважлівыя адносіны да гасцей. Будзем рады бачыць беларусаў у нашай сонечнай краіне».
Юлія Таранава, фота аўтара
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.08.2025 - 09:33
Хакеісты «Магілёва» былі мацнейшымі за «Славуціч» у матчы Кубка Салея
07.08.2025 - 08:47
«Магілёў» і «Славуціч» атрымалі перамогі ў матчах Кубка Салея
23.07.2025 - 14:47
Магілёўскія «Львы» гатовы да сезона: новыя зоркі, амбіцыйныя мэты, а лёд гарыць пад канькамі
16.07.2025 - 13:04