RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Шклоўскім раёне завяршаецца падрыхтоўка тэхнікі да веснавой сяўбы

У Шклоўскім раёне завяршаецца падрыхтоўка тэхнікі да веснавой сяўбы. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Мельнік.

«Асноўныя этапы падрыхтоўкі тэхнікі былі праведзены ў тэрмін, без затрымак і збояў, – адзначыў Валянцін Мельнік. – У гаспадарках раёна выдатна разумеюць, што ад выканання ўсіх агратэхнічных тэрмінаў залежыць будучы ўраджай. У яго закладцы палова поспеху заключаецца менавіта ў спраўнай тэхніцы. Таму праца на машынных дварах закіпела ўжо з пачатку снежня: у гэты перыяд пачалася дэфектоўка парку сельгасмашын, якая дазволіла вызначыць наступныя выдаткі і аб’ём работ. Пасля гэтага прайшлі тэндэры на закупку запчастак. Асноўныя зрэзы гатоўнасці тэхнікі зроблены 15 лютага і 1 сакавіка. Канчатковая ацэнка будзе дадзена 10 сакавіка – да гэтага тэрміну рамонтныя работы планавалі завяршыць ўсе гаспадаркі Шклоўскага раёна».

Шклоўскі раён традыцыйна становіцца адным з лідараў у Магілёўскай вобласці па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой сяўбы. Так, ужо на пачатак сакавіка было адрамантавана для выхаду ў поле больш за 96% сельгасмашын. Напрыклад, у першыя дні вясны працэнт гатоўнасці энерганасычаных трактароў складаў 96%, пагрузчыкаў – 99%, плугоў – 90%, дыскатараў і дыскавых барон – 92%, камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў – каля 90%.

Раней за ўсіх падрыхтоўку тэхнікі да веснавой сяўбы завяршылі ў СП «Газавік-Сіпакова» філіяла РУП «Магілёўаблгаз», ЗАТ «Вялікія Славені», ААТ «Новагарадзішчанскае», ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец». У ААТ «Александрыйскае» увогуле створаны атрад новай тэхнікі, у які ўвайшлі 64 адзінкі. Машыны прызначаны для ўсіх відаў сельскагаспадарчых работ, пачынаючы ад ўзворвання і апрацоўкі глебы, заканчваючы сяўбой, доглядам раслін і уборкай ураджаю.

Паводле слоў Валянціна Мельніка, своечасовы рамонт і падрыхтоўка тэхнікі да вяснова-палявых работ дазволяць сустрэць новы сельскагаспадарчы сезон у поўным узбраенні. «З пасяўной плануем справіцца ў аптымальныя тэрміны, прычым у гаспадарках гатовыя да магчымых капрызаў надвор’я», – запэўніў кіраўнік.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая