RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Закладку сельгаспрадукцыі ў стабфонд Магілёўскай вобласці плануюць павялічыць

У Магілёўскай вобласці плануюць павялічыць закладку сельгаспрадукцыі ў стабфонд. Пра гэта расказалі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

«Арганізацыі АПК толькі прыступілі да ўборкі плодаагародніннай прадукцыі, таму пра аб’ёмы гаварыць пакуль рана, аднак у любым выпадку яны будуць вышэйшыя за леташнія: ураджай гэтага сезона добры, – адзначылі ў аблсельгасхарчы. – Напрыклад, у рэгіёне прагназуецца валавы збор бульбы на ўзроўні 195 тыс. т. У мінулым годзе было сабрана 131 тыс. т».

У Магілёўскай вобласці плануецца зрабіць закладку ў стабфонды: бульбы – 6,46 тыс. т, капусты – 3,81 тыс.т, морквы – 1,78 тыс. т, буракоў – 1,17 тыс. т, цыбулі – 2,18 тыс. т, яблыкаў – 3,1 тыс. т. Як правіла, закладка пачнецца са сталовых буракоў, бульбы і цыбулі, следам пойдзе морква і ў канцы кастрычніка – капуста. Такім чынам, запасы на міжсезонны перыяд будуць фарміравацца па меры ўборкі сельскагаспадарчых культур. Да 15 лістапада рэгіёну неабходна цалкам завяршыць закладку ў стабфонды.

Удзел у закладцы прыме 13 суб’ектаў гаспадарання – як дзяржаўныя прадпрыемствы, так і сялянска-фермерскія гаспадаркі. У іх ліку – СВК «Калгас» Радзіма «Бялыніцкага раёна, ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна, ААТ «Фірма “Кадзіна”» Магілёўскага раёна, КФГ «Дзіяна» Шклоўскага раёна і іншыя. Плюс – другі год запар закладку будуць рабіць райспажыўсаюзы ў васьмі раёнах вобласці. Ва ўсіх арганізацыях створаны неабходныя ўмовы, каб на ўвесь перыяд захоўвання і рэалізацыі гародніна і садавіна не гублялі таварнага выгляду і смакавых якасцяў.

Сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія прымуць удзел у закладцы стабфонду рэгіёну, – фермерская гаспадарка «Зайцаў В. М.» Магілёўскага раёна, якая займаецца агародніцтвам з 1993 года. «Зараз у нас каля 30 га капусты, 20 га цыбулі, 15 га морквы, 15 га буракоў і прыкладна 150 га бульбы, – адзначыў галоўны аграном Міхаіл Зайцаў. – Ураджай добры: у параўнанні з папярэднім сезонам аб’ёмы павялічыліся практычна ў два разы, раслінам хапіла і цяпла, і вільгаці. Якасць плодаагародніннай прадукцыі гэтага года таксама застаецца на ўзроўні. Таму з упэўненасцю можна казаць, што закладка ў стабфонд прадпрыемствам будзе нават вышэйшая, чым было запланавана. Халадзільнага абсталявання ў нас няма, таму сельскагаспадарчая прадукцыя будзе захоўвацца максімум да лютага».

Праца прыватнай фермерскай гаспадаркі ідзе ў цеснай звязцы з мясцовай выканаўчай уладай. Многія пытанні, у тым ліку і па фарміраванні стабфонда, вырашаюцца разам. «Фермеры адчуваюць падтрымку з боку дзяржавы і ўдзячныя за аказаную ўвагу прыватнаму аграбізнесу, – адзначае Міхаіл Зайцаў. – Напрыклад, у гэтым годзе нам выдзелілі сродкі на набыццё мінеральных угнаенняў, дапамаглі з палівам у аб’ёмах, прапарцыйных валавому прадукту гаспадаркі. Гэта істотная дапамога – мы закрылі каля 15% ад патрэбы. Упэўнены, у працы заўсёды можна знайсці агульныя падыходы, тым больш калі ёсць разуменне, што гэта выгадна абодвум бакам».

Зараз у гаспадарцы ідзе масавая ўборка асноўных сельскагаспадарчых культур і нарыхтоўка прадукцыі для дзяржаўных сацыяльных устаноў. Праца пераважна механізаваная, нават нягледзячы на параўнальна невялікую колькасць работнікаў, з аб’ёмамі тут спраўляюцца. Ва ўстаноўленыя агратэхнічныя тэрміны таксама ўкладваюцца – ураджай своечасова ляжа ў засекі, а глеба будзе падрыхтавана да новага сезона. Пры спрыяльных умовах надвор’я цыбулю ўбяруць за тыдзень – ужо да сярэдзіны верасня. Таксама пачалася ўборка буракоў і насенных участкаў бульбы. Дарэчы, да зімы прыкладна 50% сельгаспрадукцыі гаспадаркі будзе рэалізавана на расійскі рынак.

ААТ «Фірма “Кадзіна”» плануе павялічыць сумарныя аб’ёмы закладкі ў стабфонд сельгаспрадукцыі да ўзроўню мінулага года амаль у 3 разы. На захоўванне адправяцца сталовы бурак, морква, рэпчатая цыбуля, бульба і капуста – уся гародніна адкрытага грунту. На сёння актыўнымі тэмпамі ідзе ўборка буракоў. Астатняя прадукцыя прыбіраецца з палёў не масава, а па патрэбе – на рэалізацыю ў фірмовых крамах, забеспячэнне школ, дзіцячых садкоў і бальніц.

«Ураджай нас парадаваў – толькі па бураках валавы збор павялічыўся ў пяць разоў у параўнанні з мінулым годам, – адзначае намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях фірмы «Кадзіна» Наталля Сычанава. – У жніўні-верасні попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю невысокі: людзі перапрацоўваюць гародніну са сваіх агародаў, аднак ён узрасце ўжо з кастрычніка, калі пачнецца сезон восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў. Для нас заканамернасць простая: чым больш прадукцыі, тым большая выручка прадпрыемства. Плануем пастаўляць гародніну як на ўнутраны, так і на знешні рынкі – галоўным чынам на Расію. Аднак першачарговая задача – закладка стабфонду пад поўную патрэбу».

У фірме «Кадзіна» адзначаюць, што ўраджай важна не толькі сабраць, але і захаваць, каб у міжсезонне насельніцтва было забяспечана асноўнай сельскагаспадарчай прадукцыяй. Для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца два гароднінасховішчы з прытокава-выцяжной вентыляцыяй сумарнай умяшчальнасцю 3 тыс. т (захоўваюцца буракі, цыбуля, бульба) і два – са штучным астуджэннем агульнай ёмістасцю 3 тыс. т (закладваецца морква і капуста). Наяўнасць дастатковага запасу таксама дазволіць рэалізоўваць гародніну на ўнутраным рынку па прымальных цэнах, заключыла Наталля Сычанава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая