Архіў навін

Выстава народнага майстра Беларусі Вольгі Сыцікавай «Беларусь мая сінявокая» адкрыецца 19 лютага ў Магілёве ў межах рэгіянальнага семінара-практыкума «Тэндэнцыі развіцця беларускага народнага касцюма». Экспазіцыя на працягу двух тыдняў будзе размяшчацца ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы. На выставе будуць прадстаўлены работы, выкананыя з лёну. Гэта пано з нацыянальнай сімволікай, лялькі ў традыцыйных беларускіх касцюмах, анёлачкі, фігуркі жывёл, вымпелы, дэкаратыўныя сурвэткі, сюжэтныя кампазіцыі і многае іншае.
Як абудзіць крэатыўнасць, пазбегнуць памылак і стаць больш упэўненай ў сабе, расказалі жанчынам у Магілёве падчас трэнінгаў у бясплатнай бізнэс-школе «Я сама». Яе ўдзельніцамі стала каля 80 жанчын з Магілёва, Бабруйска, Мсціслава, Мінска, Гомеля.
Буйны будаўнічы праект плануюць завяршыць у Магілёве гэтай восенню. Рэканструкцыя на аўтадарозе ад Магілёва ў чавускім кірунку займае 5,5 кіламетраў. 13 тыс. машын за суткі праязджае па трасе Магілёў–Чэрыкаў–Касцюковічы. Дарога, у народзе названая чавускай, даўно мела патрэбу ў рамонце:была занадта вузкай для сучаснага патоку машын. І вось надышоў яе час. На гэтым участку будуць 4 паласы руху і 2 падземныя пераходы.
Ванэса Каладзінская (вагавая катэгорыя 53 кг) заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы па барацьбе ў італьянскім Рыме. У фінальным паядынку беларуска аказалася мацнейшай за спартсменку з Нідэрландаў Есіка Бласка. На трэцяй пазіцыі выніковага пратакола размясціліся расіянка Стальвіра Аршуш і немка Аніка Вендле. Беларуска Ірына Курачкіна (57 кг) стала трэцяй на гэтым турніры. Трэнерскі штаб зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы разлічвае як мінімум на чатыры ўзнагароды ў трох відах праграмы (грэка-рымскай, жаночай і вольнай). Завершацца спаборніцтвы 16 лютага.
Аўтарытэт выдання фарміруе якасць прапанаванай чытачам інфармацыі. На гэта звярнуў увагу ў гутарцы з журналістамі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, які прымаў удзел у выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.
Рэспубліканскі форум для ўдзельнікаў руху моладзевых атрадаў аховы правапарадку «Служым #раЗАм» пройдзе 18–19 лютага ў Магілёве, паведаміла сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Ганчарова. «Удзельнікамі форума стане 60 прадстаўнікоў МААП з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама сакратары галіновых камітэтаў і першасных арганізацый БРСМ сілавых структур і профільных устаноў адукацыі. Яго мэта –пазнаёміць моладзь з працай МУС, МНС, службай ва Узброеных Сілах», – паведаміла Аляксандра Ганчарова.
Адкрыты традыцыйны рэспубліканскі турнір па спартыўнай акрабатыцы «Кіндар-сюрпрыз» пройдзе 2–7 сакавіка ў Палацы гімнастыкі Магілёва. Пра гэта паведамілі ў гарадской СДЮШАР «Багіма» імя А. Г. Мішчанкі.
Аўтарытэт мясцовых органаў улады шмат у чым залежыць ад інфармацыйнай працы саміх кіраўнікоў і дзяржаўных СМІ. На гэта звярнула ўвагу, выступаючы на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, яго начальнік Кацярына Музычэнка.
У трэцім працоўным семестры рознымі відамі занятасці ў Магілёўскай вобласці ахоплена больш за 11 тыс. маладых людзей. Пра гэта паведаміла, выступаючы на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, яго начальнік Кацярына Музычэнка.
У Магілёўскай вобласці знаходзіцца 1641 воінскае пахаванне і 660 памятных знакаў, якія ўвекавечваюць памяць абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. На іх рамонт і добраўпарадкаванне у 2019 годзе выдаткавалі больш за Br720 тыс. Палова гэтых сродкаў паступіла з пазабюджэтных крыніц, як паведаміла, выступаючы на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, яго начальнік Кацярына Музычэнка.
Вывучэнне меркавання насельніцтва, выяўленне і аператыўнае інфармаванне органаў улады аб наяўнасці праблемных пытанняў на месцах – адзін з галоўных кірункаў ідэалагічнай працы. На гэта звярнула ўвагу, выступаючы на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, яго начальнік Кацярына Музычэнка.
У Магілёўскай вобласці вызначылі пераможцаў агляду-конкурсу каманд падтрымкі «Піянерскія іскры». Пра гэта паведаміла старшыня Магілёўскага абласнога савета ГА «БРПА» Алена Малдаванава.
Важна чуць і бачыць праблемы жыхароў беларускай глыбінкі – такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч падчас выязнога прыёму ў Быхаве.
Пытанні аховы здароўя, транспартных зносін і даступнасць сацыяльных паслуг абмеркаваў на сустрэчы з жыхарамі вёскі Косічы Быхаўскага раёна намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч.
Першы праект з праграмы мерапрыемстваў па інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму рэалізаваны ў Касцюковічах. Тут у новай кацельні з’явіўся электракацёл на 10 МВт. Пра гэта падчас пашыранай калегіі Мінэнерга распавёў міністр ведамства Віктар Каранкевіч. Паводле яго слоў, усяго плануецца рэалізаваць такія праекты на 19 аб’ектах энергасістэмы краіны. Іх сумарная магутнасць складзе 836 МВт.
Адзіны дзень інфармавання, які пройдзе 20 лютага ў гарадах і раёнах Магілёўскай вобласці, будзе прысвечаны транспартнаму комплексу Рэспублікі Беларусь.
У Магілёўскай вобласці ствараюць IT-кластар. Ён аб’яднае сістэму адукацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, IT-кампаніі, сэрвісныя службы і прадпрыемствы, якія маюць патрэбы выкарыстання IT-тэхналогій, паведаміў дырэктар Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця Яўген Якімаў. Адна з галоўных мэт стварэння кластара– вырашэнне праблемы недахопу кваліфікаваных кадраў у сферы IT.
Амаль шэсць працэнтаў пасадачнага матэрыялу ў Беларусі вырошчваецца з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Пра гэта расказаў міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа падчас выніковай калегіі ведамства. Ён адзначыў, што ўсяго за 2019 год у гадавальніках вырашчана больш за 402 мільёны штук стандартнага пасадачнага матэрыялу. З іх з закрытай каранёвай сістэмай амаль 23 мільёны–гэта на 3 мільёны больш, чым у 2018 годзе. Па выніках гэтага года паказчыкі ЗКС падрастуць: у Магілёўскім лясгасе з’явіцца лесасемянны цэнтр з аб’ёмам вырошчвання 3,5 мільёна дрэўцаў.
Адзін з перспектыўных напрамкаў сучаснай камунікацыі–блогінг. У Магілёве зладзілі сустрэчу з папулярнымі інтэрнэт-мысліўцамі для тых, хто толькі хоча завесці сваю старонку ў Інтэрнэце. Паводле звестак сацапытанняў, кожны трэці падлетак марыць стаць папулярным у Інтэрнэце. І магілёўскія блогеры падзяліліся з падлеткамі сваімі сакрэтамі. Акрамя механізмаў папулярызацыі старонак у сацыяльных сетках, стваральнікі ўласных кантэнтаў падказалі, як выбраць паспяховую тэму, падзяліліся сваімі гісторыямі.
З пачатку лютага ў Магілёве курсіруе незвычайнае таксі. Да звыклых «шашачак» дадаўся надпіс «Таксі бяспекі». Пра гэта паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.
Каб пазнаёміць дзяцей з нацыянальнымі традыцыямі, у яслях-садзе аграгарадка Раманавічы Магілёўскага раёна зладзілі «Беларускія вячоркі». Пра традыцыі беларускіх вячорак расказвалі педагогі і самі малыя з дапамогай народных песень, танцаў, прыказак і прымавак. Так калектыў выхавальнікаў імкнецца прывіць дзецям любоў да беларускай культуры.
Турыстычны комплекс на беразе Дняпра плануюць пабудаваць у Магілёве. Праект прадставіў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Скачак. «Будучы комплекс будзе пабудаваны ў парку Падніколле. Ён размесціцца на беразе Дняпра, а тэраса будзе размешчана прама над вадой. Будынак будзе трохпавярховым, што дазволіць размеркаваць патокі гасцей», –заўважыў Уладзімір Скачак.
Больш за Br240 тыс падаткаў недаплаціла ў бюджэт магілёўскае таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое займаецца вытворчасцю і ўстаноўкай вокнаў і рамонтна-будаўнічымі работамі. Гэты факт выявілі работнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення Святлана Каладзістая.
Стаўка рэфінансавання з 19 лютага зніжаецца з 9% да 8,75% гадавых, стаўка па крэдыце овернайт –з 10% да 9,75% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт – з 8% да 7, 75% гадавых. Такая інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнага банка. Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем Нацбанка па выніках сённяшняга пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы. Наступнае пасяджэнне запланавана на 13 мая 2020 года. У мінулы раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі была зніжана 20 лістапада – з 9,5% да 9% гадавых.
Марлевыя павязкі пачалі вырабляць на швейным прадпрыемстве ААТ «Славянка» ў Бабруйску. Пра гэта паведаміў дырэктар ААТ «Славянка» Тэймураз Бачарышвілі.
За 2019 год у Магілёўскай вобласці выяўлены 203 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі (2018-ы –210). Паказчык захворвання складае 19,3 на 100 тыс. насельніцтва і застаецца на ўзроўні мінулага года, паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. За перыяд статыстычнага ўліку, які вядзецца з 1987 года, у рэгіёне зарэгістравана 1955 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Зараз у вобласці пражывае 1579 чалавек з такім статусам. Паказчык распаўсюджанасці складае 150 на 100 тыс.насельніцтва.
У Бабруйску будуць два дні святкаваць Масленіцу. Народнае свята пройдзе 29 лютага і 1 сакавіка ў гарадскім парку культуры і адпачынку, паведамілі ў аддзеле культуры Бабруйскага гарвыканкама. У праграме – традыцыйныя мерапрыемствы: слуп з пеўнем і падарункамі, спальванне пудзіла зімы, тэатралізаванае прадстаўленне, канцэртная праграма, катанне на конях, лазертаг, забавы і спартыўныя спаборніцтвы, катанне на атракцыёнах. У шырокім асартыменце будуць прадстаўлены бліны з рознымі начынкамі, чай і іншая прадукцыя грамадскага харчавання.
Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Аляксандр Святаслававіч Шэпелеў 15 лютага правядзе прамую тэлефонную лінію. Задаць пытанні, якія тычацца дзейнасці Дэпартамента, паслуг і іх кошту, патрабаванняў, што прад’яўляюцца да кандыдатаў на службу, перспектыў развіцця, жыхары рэгіёна змогуць з 9.00 да 12.00 па нумары тэлефона (80222) 64-33-10.
Магілёўская вобласць адзначае 31-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Стартам святкавання памятнай даты стала дваццаць другая міжрэгіянальная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, якую 7 лютага прыняў Круглянскі раён.
Чатыры кірмашы вакансій пройдуць у Магілёве з 17 па 21 лютага. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Марына Снытко. «Кірмашы вакансій у Магілёве прымеркаваны да Тыдня занятасці, які стартуе 17 лютага. Плануецца, што ўдзел у іх прыме каля 100 арганізацый горада як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасці. Працадаўцам такія мерапрыемствы дапамагаюць у самыя кароткія тэрміны падабраць персанал і сфарміраваць на найбліжэйшую будучыню рэзерв кадраў», – адзначыла Марына Снытко.