RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Амаль 270 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці прымуць удзел у рэспубліканскім суботніку

У Магілёўскай вобласці ўдзельнікамі рэспубліканскага суботніка 22 красавіка стануць каля 270 тыс. чалавек. Пра гэта расказаў старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў.

Да суботніка падключацца ўсе раёны вобласці. Людзі будуць працаваць на сваіх працоўных месцах, а таксама прымаць удзел у азеляненні, добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. Таксама ў спісе некалькі дзясяткаў знакавых гісторыка-культурных аб'ектаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Напрыклад, у Бабруйску мясцовыя жыхары будуць дапамагаць у будаўніцтве аднакватэрнага жылога дома для сям'і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, добраўпарадкоўваць тэрыторыю Бабруйскай крэпасці і мемарыял баявой славы ў гонар танкістаў-дняпроўцаў, высаджваць дрэвы ў гарадскім парку. Магілёўцы прывядуць у парадак мемарыяльны комплекс у памяць аб загінуўшых у канцлагеры савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзянах па пр.Шміта і брацкай магіле байцоў зводнага батальёна міліцыі ў в.Гаі Магілёўскага раёна.

«Традыцыйна ў вясновы перыяд у кожным рэгіёне праводзяцца суботнікі ўсіх узроўняў - ад раённага да рэспубліканскага, - падкрэсліў Дзмітрый Мудрагелаў. - Навядзенне парадку на зямлі, тым больш пасля зімы, - важнае і патрэбнае мерапрыемства для нашых двароў і вуліц, вёсак і гарадоў. І ў гэтай працы значны ўклад кожнага жыхара рэгіёна».

У час маючага адбыцца суботніка плануецца зарабіць больш як Br1,1 млн. Грашовыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці (Калінкавіцкі раён), а таксама на стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Гэтыя аб'екты вызначаны пастановай Саўміна ад 10 красавіка 2023 года нумар 241.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая