Архіў навін

Адкрыты рэспубліканскі турнір па міні-футболе сярод ветэранаў памяці Святланы Рыжовай адбудзецца ў Магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» 12 студзеня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў прэс-службе ФК «Днепр». У штогадовым мемарыяле, які ў гэтым годзе пройдзе ў шосты раз, прымуць удзел каманды магілёўскай «Надзеі», мінскіх «Космаса» і асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», а таксама зборная абласцей «Рэгіён».
X адкрыты рэспубліканскі турнір па боксе памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Генрыха Рыўкіна пройдзе 15-19 студзеня ў Магілёве. Традыцыйныя спаборніцтвы прыме СК «Алімпіец», паведаміў карэспандэнту сайта галоўны суддзя спаборніцтваў Віталь Сідарэнка. Паводле слоў суразмоўцы, у абласны цэнтр з’едзецца каля 100 спартсменаў. У турніры возьмуць удзел спартсмены з усіх абласцей Беларусі. Пацвердзілі заяўку прадстаўнікі Украіны. Пад пытаннем пакуль застаецца прыезд баксёраў з Расіі і Літвы.
Гарачымі выдаліся мінулыя суткі ў Магілёўскай вобласці: адбылося пяць пажараў, адзін скончыўся гібеллю. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю рэгіянальнага ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. Трагедыя адбылася ў прыватным доме па вул. Савецкай у Краснаполлі. Позняе выяўленне пажару не пакінула шанцаў на выратаванне 57-гадовага мужчыны. Суседзі заўважылі агонь, калі дом і веранда ўжо гарэлі адкрытым полымем. На падлозе ў верандзе без прыкмет жыцця быў знойдзены гаспадар.
Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці ў складзе адзінай беларускай экспазіцыі прадставяць мэблю і прадукцыю дрэваапрацоўкі на выставе ў Кёльне (Германія) падчас Міжнароднай мэблевай выставы IMM Cologne 14-20 студзеня. Пра гэта паведамілі ў выставачным унітарным прадпрыемстве «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Наш рэгіён прадставяць ААТ «Магілёўдрэў» і «ФанДАК», ТАА «Алмаз-Люкс»і ІП «Баро».
Пажарныя-ратавальнікі разыграюць Кубак старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта. Штогадовы адкрыты турнір стартуе 16 студзеня ў горадзе на Бярэзіне, паведамілі ў гарвыканкаме.
У Магілёве 26 студзеня арганізуюць «Гарачы фэст». Мерапрыемства пройдзе ў этнаграфічным комплексе «Зялёны гай» з 14.00 да 20.00, паведамілі карэспандэнту сайта ў цэнтры гарадскіх ініцыятыў.
У Магілёве да канца бягучага года па дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» закрыюць у пад’ездах шматпавярховак апошнія смеццеправоды(іх засталося каля 100), паведаміў дырэктар Магілёўскага спецаўтапрадпрыемства Генадзь Іванчанка.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці вывучыў эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў і маёмасці ў Хоцімскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта Аляксей Іглікаў. Кантралёры выявілі прастойванне медабсталявання коштам больш за Br300 тыс., незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў у суме Br16 тыс., несвоечасовае пералічэнне ў бюджэт часткі даходаў у памеры Br2 тыс. ад здачы ў арэнду дзяржаўнай маёмасці. Таксама ўстаноўлены парушэнні парадку ўліку асноўных сродкаў, заканадаўства аб дзяржаўных закупках і метралогіі.
У Магілёве стартаваў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Урачыстае адкрыццё інтэлектуальнага спаборніцтва адбылося ў абласным цэнтры творчасці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі «За духоўнае адраджэнне». Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Па выніках 2018 года адпаведнымі прэміямі адзначаны чатыры працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Каля 400 тыс. электронных рэцэптаў выдадзена ў мінулым годзе ў Магілёўскай вобласці, 75% з іх – ільготныя. Зараз, атрымаўшы ад урача электронны рэцэпт, пацыент можа звярнуцца і ў камерцыйную аптэку. Аднак льготныя прэпараты па-ранейшаму адпускаюцца толькі ў сетцы дзяржаўных аптэк. Фармацэўт скануе штрыхкод на электронным рэцэпце і атрымлівае доступ да базы дадзеных. Гэта дазваляе скараціць час абслугоўвання і выключыць памылкі.
У Магілёве і Магілёўскім раёне 9 студзеня пройдзе інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск». Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Мерапрыемства пад слоганам «Кантралюем ціск – падаўжаем жыццё» праводзіцца сумесна з акцыяй «Пазбегнуць інсульту» з мэтай павышэння інфармацыйнай граматнасці насельніцтва па пытаннях прафілактыкі хвароб сістэмы кровазвароту, фарміравання навыкаў самакантролю артэрыяльнага ціску.
Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 8 па 12 студзеня ў Магілёве. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах прыме каля 980 навучэнцаў 8-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усяго рэгіёна, паведамілі карэспандэнту сайта ў Галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці падчас праверкі Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы выявіў шэраг сістэмных парушэнняў і недахопаў у арганізацыі харчавання пацыентаў. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні кантралявальнага ведамства Аляксей Іглікаў. У іх ліку невыкананне рацыёнаў, парушэнні тэхналогіі прыгатавання страў, недаўкладанні прадуктаў харчавання і іншыя. Устаноўлены таксама парушэнні пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак, незаконнае атрыманне і нямэтавае выкананне бюджэтных сродкаў.
Горацкі «Сокал» заняў другое месца ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Беларусі ў старэйшай узроставай групе ў дывізіёне «А».
Прамую тэлефонную лінію правядзе 12 студзеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Уладзіміравіч Некрашэвіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Зараз фарміруецца папярэдні спіс грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія будуць аплачваць паслугу гарачага водазабеспячэння па тарыфе, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Грамадзянам, не занятым у эканоміцы, даецца магчымасць паведаміць аб сваёй занятасці 12 студзеня з 09.00 да 13.00 і 16 студзеня з 15.00 да 19.00 у разлікова-касавыя цэнтры, камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў Магілёве, Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама: РКЦ №1: вул. Першамайская, д. 8.
У Магілёве ў Палацы культуры старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі правёў сёння ў фармаце адкрытага дыялогу калядную сустрэчу з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і абласных СМІ. На ёй абмяркоўваліся новыя праекты і ідэі аб супрацоўніцтве з мясцовымі органамі ўлады, а таксама адбылося ўзнагароджанне найлепшых журналістаў рэгіёна.
Фінал рэгіянальнай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды» сёння прайшоў у Касцюковічах, паведамілі ў абласным камітэце БРСМ.
Горацкі «Сокал»пераможна стартаваў у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба»на прызы Прэзідэнта Беларусі ва ўзроставай групе 2002–2004 гадоў нараджэння (дывізіён «А»).У стартавым супрацьстаянні нашы спартсмены ўпэўнена абгулялі Мінскую каманду «Партызан» з лікам 9:6. Сёння ў 16.00 на лядовай пляцоўцы Палаца спорту «Сокал»скрыжуе клюшкі з «Паўночнай сталіцай» з Віцебска. Апошняя напярэдадні буйна саступіла «Атланту» з Кобрына – 2:10. З гэтай дружынай горацкія хлопцы сустрэнуцца 5 студзеня.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці падчас праверкі аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва выявіў шматлікія парушэнні пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак прадуктаў харчавання, што прывяло да перарасходу бюджэтных сродкаў. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў намеснік старшыні ведамства Аляксей Іглікаў. Так, сістэматычнае неабгрунтаванае павелічэнне пастаўшчыкамі дагаварныхцэн на прадукты харчавання для названага дзяржаўнага органа толькі за 2 гады пацягнула дадатковыя выдаткі бюджэтных сродкаў у суме больш за Br170 тыс.
У тэлевізійны эфір Магілёўскай вобласці 4 студзеня 1989 года выйшаў першы выпуск інфармацыйнай праграмы «Дзень вобласці». З гэтага дня пачалася самастойная работа абласнога тэлебачання. Аб стварэнні абласной студыі тэлебачання на Магілёўшчыне задумаліся яшчэ ў канцы 1960-х. Тады ж вызначылі, у якім будынку яна размесціцца – на вуліцы Першамайскай, 83. Тут тэлестудыя знаходзіцца і сёння.
Відавочна, што будаўніцтва жылых дамоў не толькі вырашае чыесьці праблемы, але і дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць зямлю. Аднак праведзеная Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці праверка Сычкоўскага сельвыканкама Бабруйскага раёна выявіла адваротнае.
Народнае свята «Каляды» ў Магілёве пройдзе на трох пляцоўках. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў гарвыканкаме. Апоўдні 7 студзеня жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада на цэнтральнай сцэне Пячэрскага лесапарку чакае тэатралізаваны паказ, забаўляльная праграма з жартамі, прымаўкамі, анекдотамі, рухомымі гульнямі, танцамі і віктарынамі.
Урад зацвердзіў меры па падрыхтоўцы да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2019 годзе. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 29 снежня 2018 года № 972, паведамляецца на сайце ўрада.
У інтэрнатах Беларуска-Расійскага ўніверсітэта выбралі пакоі, якія былі маляўніча ўпрыгожаны да зімовых святаў. Конкурс на самае лепшае навагодняе афармленне праходзіў па ініцыятыве жыллёва-бытавой камісіі пры прафкаме студэнтаў установы адукацыі. Як расказала старшыня прафкама студэнтаў Марына Бяляева, мерапрыемства праводзіцца на працягу некалькіх гадоў і стымулюе студэнтаў ставіцца да свайго часовага жылля беражліва і з павагай. Акрамя таго, конкурс накіраваны на стварэнне святочнага настрою напярэдадні Каляд і Новага года.
Каля 500 дзяцей сталі ўдзельнікамі абласнога дабрачыннага навагодняга свята, якое сёння прайшло ў Магілёве. Арганізатарам мерапрыемства, куды запрасілі дзяцей-сірот, дзяцей са шматдзетных сем’яў і дзяцей-інвалідаў, выступіла абласное аддзяленне РГА «Беларускі дзіцячы фонд». Свята стала адной са шматлікіх падзей дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які ў рэгіёне праводзіцца сёмы год запар.
Магілёўскія кандытары заваявалі медалі рознай вартасці на Кубку свету па кулінарным мастацтве ў Люксембургу. Сёння найлепшых узнагародзілі ганаровымі граматамі і падзякамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Фінал рэгіянальнай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды» адбудзецца 4 студзеня ў Касцюковічах. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў абласным камітэце ГА «БРСМ».
У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося два пажары і абодва ў горадзе на Дняпры, паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю рэгіянальнага ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.