Рус Бел Eng 中文

Аграпрамысловы комплекс

 

Аграрны сектар Магілёўскай вобласці фарміруе каля 13% рэгіянальнага прадукту, а ў сферы вытворчасці – амаль чвэрць, саступаючы толькі прамысловасці рэгіёна.

У раслінаводстве ў 2020 годзе практычна па ўсіх пазіцыях намецілася дынаміка росту. Атрымалі прыбаўку валавых збораў і ўраджайнасці ў параўнанні з папярэднім годам амаль усіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Бягучы год для хлебаробаў вобласці выдаўся хлебным. Каравай Магілёўшчыны склаў 1 млн. 152 тоны збожжа (без кукурузы), гэта на 35% вышэй за леташні ўзровень. З кожнага гектара атрымана ўраджайнасць 33,8 цэнтнера з гектара, што на 7 цэнтнераў вышэй за паказчык 2019 года. Тры раёны вобласці – Горацкі, Магілёўскі і Шклоўскі – перасягнулі 100-тысячную мяжу. Амаль падвоілі намалоты да ўзроўню 2019 года сельскагаспадарчыя арганізацыі Быхаўскага, Дрыбінскага, Клічаўскага і Слаўгарадскага раёнаў. Найвышэйшых вынікаў дасягнулі такія арганізацыі, як ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» Магілёўскага раёна, дзе валавы збор збожжа склаў 26,8 тыс. тон, што на 34% больш за ўзровень 2019 г., сярэдняя ўраджайнасць склала 66,2 цэнтнера з кожнага гектара, СВК «Гігант» Бабруйскага раёна – валавы збор 7,9 тыс. тон пры ўраджайнасці 56,2 цэнтнера, СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна – 18,7 тыс. тон пры ўраджайнасці 54,2 ц/га, ААТ «Александрыйскае» – 24,6 тыс. тон пры ўраджайнасці 53,0 ц/га.

Намалот масланасення рапсу перавысіў леташні паказчык у 1,4 раза і склаў 84,3 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 21 цэнтнер з гектара (+5,7 цэнтнера да ўзроўню 2019 г.).

На 106% да ўзроўню 2019 года павялічылі вытворчасць (406 тыс. тон) цукровых буракоў. Лідарам па ўраджайнасці стаў Горацкі раён (540 цэнтнераў з гектара).

Сёлета ў вобласці стаўку зрабілі на збожжа кукурузы, пасевы якой павялічылі ўдвая, забяспечылі пасеў гібрыдамі збожжавага кірунку, закупілі сеялкі дакладнага высеву.

На 4 лістапада 2020 года кукуруза на збожжа прыбраная з плошчы 16,4 тыс. га, або 31% ад неабходнага. Намалочана 106,6 тыс. тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 65 цэнтнера з гектара. Уборка працягваецца.

На завяршальных этапах вядуцца работы на палях цукровых буракоў, гародніны. Цукровыя буракі прыбраныя з плошчы 8,2 тыс. га (91%), сабрана 362,0 тыс. тон караняплодаў, што на 14,0 тыс. тон больш за леташні ўзровень, сярэдняя ўраджайнасць складае 441 ц/га, цукрыстасць – 16,2%. На буракапрыёмныя пункты вывезена 247,5 тыс. тон (68% ад накапанага). Работы па ўборцы і вывазцы працягваюцца.

У аграрным сектары рэгіёна актыўна выкарыстоўваюцца новыя падыходы ў кіраванні і формы гаспадарання. Нароўні з сельскагаспадарчымі арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці развіваюцца прыватныя аграрныя кампаніі. Прыход прыватных інвестараў на Магілёўшчыну ўжо не з’яўляецца адзінкавым выпадкам, што істотна адбіваецца на выніках працы. Забяспечана бясстратная сельскагаспадарчая вытворчасць. Высокі ўзровень эфектыўнасці паказваюць СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна, ААТ «Максімавічы-Агра» і УКСП «Саўгас “Добраахвотнік”» Клічаўскага раёна, ЗАТ «Сервалюкс Агра» і ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» Магілёўскага раёна, ААТ «Кастрычнік» Мсціслаўскага раёна.

У Магілёўскай вобласці адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння выдаткаў на вытворчасць сельгаспрадукцыі. За тры гады яны зменшаны больш чым на 12%. Зніжаецца каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Гэта дасягаецца за кошт выкарыстання новых сучасных тэхналогій, высокага прафесіяналізму кадраў і іх адказнага стаўлення да справы.

Важным крокам у павышэнні эфектыўнасці гаспадарання на зямлі, канкурэнтаздольнасці АПК з’яўляецца развіццё буйных інтэграцыйных фарміраванняў, якія аб’ядноўваюць вытворчасць сельскагаспадарчай сыравіны, перапрацоўку і збыт канчатковай прадукцыі. Станоўчымі прыкладамі такой формы працы могуць служыць ААТ «Александрыйскае», ЗАТ «Агракамбінат “Зара”». У Шклоўскім раёне створаны холдынг «Купалаўскае», у склад якога ўвайшлі акцыянерныя таварыствы «Вялікія Славені», «Амкадор-Шклоў» і «Новагарадзішчанскае».

Нароўні з буйнымі сельскагаспадарчымі аб’яднаннямі развіваюцца фермерскія гаспадаркі. Толькі ў 2019 годзе зарэгістравана 47 такіх суб’ектаў, а ўсяго іх па вобласці функцыянуе звыш 500. Праца на зямлі прыцягвае людзей. Пашыраюцца плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў фермераў. І гэта прыносіць аддачу. Значна перавышаны сярэднеабласны паказчык па ўраджайнасці збожжавых у такіх КФГ, як «Новы быт» Шклоўскага раёна і «Пралесак» Магілёўскага раёна. Амаль 40% абласных аб’ёмаў бульбы сабрана фермерскай гаспадаркай «Дзіяна» з самай вялікай па вобласці ўраджайнасцю – 430 ц/га.

Прыватны бізнес даўно зразумеў, што на зямлі і ў сельскагаспадарчай вытворчасці можна працаваць і зарабляць. Пацвярджэннем гэтаму таксама служаць буйныя інвестыцыйныя праекты ў сферы АПК. Групай кампаній «Сервалюкс» рэалізаваны шэраг праектаў па вытворчасці мяса птушкі. Сусветна вядомай кампаніяй «Данон» у Шклове арганізаваны выпуск малочнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Замежнае таварыства «Банэці» ў Бялыніцкім раёне пабудавала аграпрадпрыемства па выпуску збожжа і дацкай беконнай свініны магутнасцю 53 тыс. галоў на год. І гэта далёка не ўсе праекты.

У 2019 годзе доля аграрнай прадукцыі склала пятую частку ад агульнага аб’ёму паставак вобласці. Яе экспартавалі амаль на $470 млн. у 43 краіны свету.

Для нарошчвання аб’ёмаў запатрабаванай на знешніх рынках сельскагаспадарчай прадукцыі працягваецца маштабная работа па будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў. У бягучым годзе ў межах Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2020 № 269 вядзецца будаўніцтва трох МТК у ААТ «Дрыбін-Агра» Дрыбінскага, АВАТ «ЖорнаўкаАГРА» Асіповіцкага і ААТ «Магілёўскі Лянок» Магілёўскага раёнаў.

Раслінаводства сёння стаіць на службе жывёлагадоўчай галіны. Таму галоўная задача агранамічных службаў – стварэнне паўнавартаснай кармавой базы для жывёлы.

Працягнулі працу па паляпшэнні структуры шматгадовых траў, у першую чаргу бабовых. Закупілі насенне і правялі пасеў люцэрны на плошчы 30 тыс. гектараў, усяго названая культура размешчана на плошчы больш за 43 тыс. гектараў, або 30% у структуры шматгадовых траў.

На зімова-стойлавы перыяд 2020–2021 года нарыхтавана 1145,8 тыс. тон кармавых адзінак травяных кармоў, або 105 працэнтаў да ўзроўню 2019 года. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 29,8 цэнтнера кармавых адзінак, або плюс 1,4 цэнтнера да ўзроўню 2019 года. 37 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву нарыхтавана ў Касцюковіцкім, 34,7 – у Кіраўскім, 31,8 – у Клічаўскім, 32 – у Магілёўскім раёнах. Нарыхтоўка працягваецца.

У палімерную ўпакоўку па сучасных тэхналогіях нарыхтавана 115,4 тыс. тон высакаякаснага травянога корму, з іх 13,0 тыс. тон у Шклоўскім, 10,8 тыс. тон у Магілёўскім, 10,2 тыс. тон у Клімавіцкім раёнах.

За 10 месяцаў 2020 года ўведзена ў эксплуатацыю 38 новых сянажных траншэй агульнай ёмістасцю захоўвання 79,3 тыс. тон. Для тэхналагічнага вядзення ўсіх працэсаў у раслінаводстве, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы на працягу 10 месяцаў бягучага года закуплена 635 адзінак тэхнікі, у тым ліку 4 энерганасычаныя трактары, 135 збожжаўборачных камбайнаў, 11 кормаўборачных камбайнаў, 16 камбінаваных прэс-падборшчыкаў.

Статьи: