RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ветэран Міхаіл Фельдман – аб службе на Заходнім і Усходнім франтах, хлебных абозах і асабістай трагедыі

Міхаіл Фельдман не сумняваецца: у кожнага чалавека яго пакалення свая вайна. Хтосьці змагаўся на фронце, хтосьці да знямогі працаваў на заводзе, каб забяспечыць войска тэхнікай, хтосьці расціў хлеб. «У адзіночку ворага не адолець. Тое, што мы здолелі аб’яднаць сілы для галоўнай мэты, і стала нашай агульнай перамогай», – лічыць франтавік. Асабіста яго Вялікая Айчынная вайна застала 17-гадовым падлеткам. За чатыры ваенныя гады ветэран паспеў папрацаваць у тыле і паваяваць адразу на двух франтах – Заходнім і Усходнім.

Дом Міхаіла Давыдавіча ў вёсцы Акцябрск Клічаўскага раёна знайсці нескладана: патрэбны адрас падкажа ветэранская таблічка. У самім доме ў першую чаргу кідаюцца ў вочы кнігі – іх сотні. 96-гадовы гаспадар не хавае: чытанне заўсёды было для яго адным з любімых заняткаў. А сёння гэта яшчэ і магчымасць чымсьці сябе заняць. «Бібліятэку закрылі, яна пераехала ў суседнюю Арэхаўку. Мне, вядома, прывозяць кнігі, але гэта не зусім тое. Вядома, хацелася б самому выбіраць, што пачытаць», – прызнаўся пенсіянер. Яшчэ, дадаў, яму не хапае зносін. Людзей у вёсцы з кожным годам становіцца ўсё менш, ды і многія вяскоўцы ў сілу ўзросту не выходзяць з хаты. Сам ён, нягледзячы на салідныя гады, трымаецца. Прагулкі па двары – у абавязковым пераліку. А вось успаміны аб вайне ў прыярытэце не былі ніколі. Фельдман прызнаецца: тут занадта многа асабістага болю. І ўспамінае, што, калі пачалася Вялікая Айчынная, спачатку хацелася верыць, што да Клічава немцы не дойдуць а потым – ірвануць у добраахвотнікі. Аднак хроніка лета 1941-га развівалася занадта хутка: фронт набліжаўся, ваенкамат у Клічаве закрылі, таму прыйшлося ісці пешшу ў Магілёў. Але там нам адмовілі: заявілі, маўляў, вашы сілы спатрэбяцца ў тыле. У выніку адправіліся далей, на ўсход: спачатку мы пешшу дабраліся да Оршы, адтуль – на параходзе праз Днепр – у Смаленск.

Потым былі Арол, Кінель Самарскай вобласці і, нарэшце, Башкірыя. Там я працаваў у калгасе «Другая пяцігодка», вазіў хлебныя абозы. Мяшкі грузілі самі, а дарога часам займала па трое сутак – даводзілася пераадольваць адлегласці ад ста кіламетраў і больш!

Пра адпачынак, як адзначыў Міхаіл Давыдовіч, нават не думаў: калі яму цяжка, то што гаварыць пра тых, хто на перадавой? І шукаў любую магчымасць, каб даведацца пра апошнія навіны з фронту.

У дзеючую армію Міхаіл Фельдман трапіў у 1944-м, але спачатку прыйшлося падвучыцца. «Марыў пайсці ў лётчыкі, аднак зрок падвёў», – таму, як расказаў ветэран, трапіў у сувязісты. Азбуку Морзэ і іншыя сакрэты прафесіі асвойваў у Свярдлоўскай вобласці доўгія паўгода, пасля чаго яму прысвоілі званне малодшага сяржанта і далі прызначэнне ў 13-ы асобны лінейна-эксплуатацыйны батальён сувязі.

– Калі школьнікі ў мяне пытаюцца: «А колькі вы немцаў забілі?» – даводзіцца ім тлумачыць, што задачы ў мяне былі зусім іншыя. А менавіта – забяспечыць аператыўную сувязь вышэйшага кіраўніцтва з фронтам, – падкрэсліў пенсіянер, – бо ў вайне перамаглі не асобна ўзятыя героі ці нават ваеначальнікі, а армія.

Праца сувязістаў таксама камандная. Яго батальён, як расказаў Міхаіл Давыдавіч, рухаўся ўслед за лініяй фронту, і байцы адразу пракладвалі лініі сувязі. Будаваліся кантрольна-выпрабавальныя пункты, зямлянкі для апаратуры. Тэрміны заўсёды абмежаваныя. «Спачатку, – успамінае ветэран, – сувязь з Масквой наладжвалі на Пскоўскай зямлі, потым у Літве, Латвіі, Польшчы». Здавалася б, што гераічнага ў тым, што тэлефаніст пад агнём праціўніка некалькі разоў за ноч выпраўляе пашкоджаную лінію? Або літаральна вылоўлівае патрэбныя сігналы ў велізарным патоку ўсіх станцый?

Але часам менавіта ад гэтага залежаў зыход бітваў, наступальных і іншых аперацый. Яны ж, акрамя ўсяго іншага, і забяспечвалі сувязь паміж суседнімі франтамі. Невыпадкова маршал сувязі Іван Перасыпкін развіццю і аснашчанасці такіх войскаў надаваў асаблівую ўвагу.

– Дзень Перамогі я сустрэў у Беластоку. Радасці не было мяжы. Але вайна для мяне на гэтым не скончылася: увесь наш батальён адправілі на Японскі фронт. Да Далёкага Усходу на цягніку дабіраліся цэлы месяц. А чарговыя лініі сувязі будавалі ўжо ў Харбіне.

Там, у Маньчжурыі, Міхаіл Давыдавіч сустрэў галоўнае каханне ўсяго свайго жыцця – ваеннага сувязіста Алену Васільеўну. Але асабістае шчасце было азмрочана велізарным горам. На нумар яго палявой пошты, які ветэран памятае дагэтуль, – № 77725, прыйшло страшнае паведамленне. Як высветлілася, усе яго родныя, лёс якіх доўгі час заставаўся невядомым, загінулі. «Толькі ў нас, на Клічаўшчыне, гэта сямнаццаць чалавек. І яшчэ чацвёра – у Бярэзінскім раёне». Міхаіл Фельдман прызнаў, што дагэтуль не ведае, дзе іх магілы:

– Звяртаўся ў музеі – і ў мясцовыя, і ў сталічныя. Але адказу так і не знайшоў. З кнігі «Памяць» толькі і даведаўся, што ўсяго ў нас у раёне было расстраляна чатырыста яўрэяў.

Міхаіл Давыдавіч не хавае: душа ад гэтай велічэзнай страты баліць і сёння. А пасля вайны была такой вострай, што адразу нават не змог вярнуцца на малую радзіму – разам з жонкай яны на некалькі дзясяткаў гадоў аселі ў Тульскай вобласці:

– У нас нарадзілася пяцёра дзяцей. На жаль, двое з іх, як і мая жонка, ужо пайшлі з жыцця. Адна дачка жыве ў вёсцы непадалёк, другая – у Ізраілі, сын – у Маскве. Баюся, што праз каранцін ён не зможа прыехаць да мяне на 9 мая. Добра, што ёсць хаця б магчымасць стэлефанавацца. Унукі таксама тэлефануюць. Ёсць ужо праўнукі, і гэта таксама вялікая радасць.

Ваенныя заслугі ветэрана адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За перамогу над Японіяй». Прага новых ведаў натхніла Міхаіла Давыдавіча на далейшую вучобу ўжо ў паважным узросце. Ён скончыў факультэт замежных моў, выкладаў у мясцовай школе матэматыку і нямецкую мову. На пенсію пайшоў з пасады дырэктара школы. Раней, канстатуе, часу было мала. Сёння яго шмат, але пенсіянер па-ранейшаму не траціць дарма нават хвіліны. Выпісвае шмат розных выданняў, але на нейкім пэўным пакуль не спыніўся:

– Не магу зразумець, чаму галоўныя героі газетных палос артысты і спартсмены? Лічу, што пісаць трэба пра працаўнікоў вёскі, рабочых, інжынераў – вось на кім трымаецца наша эканоміка!

Ён не сумняваецца: забываць аб мінулым нельга. Але, упэўнены, думаць пры гэтым трэба аб дні сённяшнім і заўтрашнім. І тут ёсць над чым працаваць.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая